ПРЫБАЛТЫ́ЙСКІ ФРОНТ ПЕ́РШЫ ў Вялікую Айчынную вайну.
Утвораны 20.10.1943 у выніку перайменавання Калінінскага фронту. Дзейнічаў на паўн.-зах. і зах. напрамках. Камандуючыя: ген. арміі А\.Яроменка (кастр.—ліст. 1943), ген. арміі І.Х.Баграмян (ліст. 1943 — люты 1945); чл. ваен. савета ген.-лейт. Дз.С.Лявонаў (кастр. 1943 — ліст. 1944), ген.-лейт. М.В.Рудакоў (ліст. 1944 — люты 1945); нач. штаба ген.-лейт., з 28.6.1944 ген.палк. У.В.Курасаў (кастр. 1943 — люты 1945). У розны час уваходзілі арміі: 2-я гв., 4-я ўдарная, 6-я гв., 11-я гв., 39-я, 43-я, 51-я, 61-я, 5-я гв. танк., 3-я паветраная. З 1 да 21 ліст. 1943 войскі фронту вялі наступленне на Віцебска-Полацкім напрамку, у снеж. правялі Гарадоцкую аперацыю 1943. У лют.—сак. 1944 войскі П.ф.п. ва ўзаемадзеянні з войскамі Зах. фронту пачалі наступленне пад Віцебскам. Летам 1944 разам з войскамі 1-га, 2-га і 3-га Бел. франтоў ажыццявілі Беларускую аперацыю 1944: удзельнічалі ў Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, правялі Полацкую аперацыю 1944 і Шаўляйскую аперацыю 1944. З 14.9.1944 з войскамі 2-га і 3-га Прыбалт. і Ленінградскага франтоў пры падтрымцы Балт. флоту ўдзельнічаў у Прыбалтыйскай аперацыі 1944; з войскамі 2-га і 3-га Прыбалт. франтоў ажыццявіў Рыжскую, з войскамі 3-га Бел. фронту — Мемельскую (Клайпедскую) аперацыі. Са студз. 1945 войскі фронту ўдзельнічалі ва Усх.-Прускай аперацыі. 24.2.1945 П.ф.п. скасаваны, яго войскі пад назвай Земландская група (камандуючы І.Х.Баграмян) уключаны ў склад 3-га Бел. фронту.
М.І.Камінскі.
т. 13, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)